0%

Прыбаўленне ў сямействе «БЕЛАЗаў» на Мурманшчыне

7 февраля 2020

Новости

У аўтапарку Кіраўскага філіяла АТ «Апатит» (Група «ФосАгро», Расійская Федэрацыя) – даўняга стратэгічнага партнёра Беларускага аўтамабільнага завода на Кольскім паўвостраве – чакаецца чарговае прыбаўленне. У студзені яшчэ тры 130-тоннікі серыі БЕЛАЗ-7513 адгружаны ў рамках падпісанага ў верасні мінулага года пагаднення на пастаўку ў Хібіны буйной партыі беларускай кар’ернай тэхнікі асабліва вялікай грузападымальнасці.

Згодна з дзеючым кантрактам у верасні-снежні мінулага года новую прапіску ў АТ «Апатит» ужо атрымалі 16 кар’ерных самазвалаў: шэсць 180-тоннікаў БЕЛАЗ-75180, якія да гэтага на прадпрыемстве не выкарыстоўваліся, і дзесяць 130-тоннікаў БЕЛАЗ-75131. Цяпер у лютым яшчэ тры 130-тонныя машыны далучацца да сваіх сабратоў-волатаў у Мурманскай вобласці. Усяго ж у межах пагаднення на працягу трох гадоў БЕЛАЗ павінен паставіць на горна-абагачальнае прадпрыемства ў Хібіны не менш за 50 кар’ерных самазвалаў.

У цэху адгрузкі гатовай прадукцыі на чыгуначныя платформы грузяць 130-тоннікі «БЕЛАЗ» для АТ «Апатит»

Таксама ў цяперашні час вядзецца праца па пастаўцы Кіраўскаму філіялу АТ «Апатит» рабатызаваных кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-7513R. У Ньоркпахкскім кар’еры Усходняга рудніка плануецца стварыць унікальны лічбавы руднік будучага, дзе кар’ерная тэхніка «БЕЛАЗ» у беспілотным рэжыме будзе працаваць на здабычы апатыта-нефелінавых руд.

Перавод кар’ернай тэхнікі на газадызельный рэжым – гэта яшчэ адна запланаваная на «Апатите» навацыя з удзелам БЕЛАЗа. Інфраструктура па прыёме звадкаванага прыроднага газу на Кіраўскай пляцоўцы ўжо створана, плануецца яе пашырыць і распаўсюдзіць вопыт прымянення альтэрнатыўнага паліва на ўсе самазвалы. Рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць знізіць выдаткі на паліва і сабекошт адкрытых горных работ у цэлым.