0%

Тэхналогіі БЕЛАЗа: у фокусе – новае і прагрэсіўнае

4 июня 2020

Новости

У эпоху высокай дакладнасці і выключнай тэхналагічнасці прадукцыі найбольш эфектыўныя спосабы павышэння канкурэнтаздольнасці для БЕЛАЗа – гэта няспынная мадэрнізацыя вытворчасці, выкарыстанне сучасных тэхналогій і інавацыйных рашэнняў.

Інфармацыйны праект аб ключавых кірунках устойлівага прагрэсу БЕЛАЗа і стратэгічных прыярытэтах вытворчай дзейнасці кампаніі

Устойлівая дынаміка ўкаранення інавацый
Новая пляцоўка вялікіх магчымасцяў
Перадавыя распрацоўкі ў садружнасці з навукай

Устойлівая дынаміка ўкаранення інавацый

Трымаючыся курсу ўстойлівага развіцця і абапіраючыся на сур’ёзны вытворчы і кадравы патэнцыял, БЕЛАЗ бесперапынна мадэрнізуе вытворчасць, укараняючы новае высокапрадукцыйнае абсталяванне і асвойваючы перадавыя тэхналогіі.

«Нашы асноўныя канкурэнты – магутнейшыя транснацыянальныя кампаніі з высокім узроўнем тэхналогій. Каб не саступаць ім, трэба заўсёды быць на крок наперадзе. Таму тэхналагічнае абнаўленне, развіццё вытворчых магутнасцяў за кошт мадэрнізацыі – найважнейшыя элементы развіцця. Станочных парк «БЕЛАЗа» – адзін з самых сучасных у свеце. Увод у эксплуатацыю новага абсталявання дазваляе істотна павялічыць прадукцыйнасць працы», – адзначае генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу«БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Пётр Пархомчык.

У гісторыі БЕЛАЗа было некалькі этапаў тэхпераўзбраення, якія закраналі ўсе тэхналагічныя перадзелы, што існуюць на заводзе, а таксама арганізацыю і кіраванне ўсёй вытворчасцю. У выніку кожны новы інвестыцыйны праект – гэта гнуткая вытворчасць, здольная аператыўна рэагаваць на запыты рынку і вырабляць перспектыўную прадукцыю, што максімальна адпавядае патрабаванням здабываючых кампаній.

У мінулым годзе ААТ «БЕЛАЗ» завяршыла маштабны праект «Стварэнне магутнасцяў і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90–450 тон». Аб’ём інвестыцый у яго склаў каля 270 млн долараў ЗША. У рамках праекта пабудаваны новы блок вытворчых цэхаў плошчай 25,3 тыс. кв. метраў, пастаўлена 562 адзінкі высокапрадукцыйнага абсталявання.

Сёння ААТ «БЕЛАЗ» працягвае абнаўленне і мадэрнізацыю станочнага парка, набываючы высокатэхналагічнае абсталяванне для дасягнення больш высокай дакладнасці вырабу і апрацоўкі дэталяў і памяншэння ўплыву чалавечага фактару на якасць прадукцыі, што выпускае прадпрыемства.

Новая пляцоўка вялікіх магчымасцяў

«БЕЛАЗ не стаіць на месцы, а знаходзіцца ў рэжыме пастаяннай мадэрнізацыі. Быць канкурэнтаздольным на сусветным рынку можна толькі тады, калі граматна арганізаваныя працэсы тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі прадпрыемства ідуць увесь час», – адзначае старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.

Сучасныя тэхналагічныя магчымасці БЕЛАЗа – гэта спалучэнне найноўшых тэхналогій, спецыялізаванага абсталявання і высокага прафесіяналізму работнікаў. Вытворчы патэнцыял кампаніі ў апошнія гады істотна пашырыўся, у тым ліку і за кошт укаранення і паспяховага выкарыстання перадавых тэхналогій, прагрэсіўных тэхнічных рашэнняў, абсталявання, матэрыялаў, у тым ліку ў фарбавальнай і тэрмагальванічнай вытворчасці, аўтаматызаванай лазернай рэзцы металу.

У канцы мінулага года адбыўся запуск найноўшага па ўзроўні тэхналогій рабатызаванага фарбавальнага комплексу парашковай афарбоўкі дэталяў і вузлоў кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці і спецтэхнікі. У цэлым ва ўкараненне фарбавальнага комплексу нашай кампаніяй было інвесціравана больш за 15 млн долараў.

Самы перадавы ў Беларусі фарбавальны комплекс (агульная вытворчая плошча складае 5 200 м²) укамплектаваны прафесійным абсталяваннем, якое дазваляе забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі паверхні, грунтавання і нанясення фінішнага пакрыцця на ўзроўні сусветных аналагаў.

Укараненне рабатызаванай фарбавальнай лініі новага пакалення дазваляе павысіць якасць ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў прадукцыі прадпрыемства і павялічыць тэрмін службы фінішнага пакрыцця вырабаў да 7–10 гадоў, эканоміць лакафарбавыя матэрыялы (па разліках спецыялістаў эканомія ў пераразліку на гадавы аб’ём паверхняў, што афарбоўваюцца складзе 1,3 млн еўра), істотна паменшыць за кошт аўтаматызацыі долю ручной працы і мінімізаваць уплыў на афарбоўку чалавечага фактару, а таксама значна знізіць экалагічную нагрузку на навакольнае асяроддзе, што кожны год складае 28 тон лятучых арганічных злучэнняў.

Галоўнай навінкай у тэрмагальванічнай вытворчасці БЕЛАЗа стаў сучасны комплекс абсталявання для тэрмічнай апрацоўкі кольцаў падшыпнікаў, укаранёны на прадпрыемстве ў мінулым годзе.

Ён прызначаны для загартоўкі вонкавых і ўнутраных кольцаў буйнагабарытных падшыпнікаў, вырабленых з сталі 20Х2Н4А (пасля цэментацыі і высокага водпуску). Загартоўка кольцаў ажыццяўляецца ў загартовачным прэсе пры максімальнай тэмпературы ў печы для аўстэнізацыі 1000°С.

Найноўшы аўтаматызаваны комплекс забяспечвае высокую якасць тэрмічнай апрацоўкі кольцаў падшыпнікаў і тым самым павышае рэсурс працы рэдуктара матор-кола кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ», забяспечвае выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі ў неабходным для прадпрыемства аб’ёме, значна зніжае энергазатраты і сабекошт вырабу кольцаў падшыпніка як на этапе тэрмаапрацоўкі, так і на этапе далейшай механічнай апрацоўкі, плюс значна паляпшае ўмовы працы пры тэрмаапрацоўцы кольцаў падшыпнікаў, а таксама зніжае шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе.

Да адной з найважнейшых інавацый на вытворчасці кар’ернай тэхнікі адносіцца і прымяненне прамысловых лазераў для рэзкі металу. .

Лазерны прамень мае вялікую перавагу перад механічнымі прыладамі: ён можа разрэзаць практычна любы метал ці сплаў незалежна ад фізічных уласцівасцяў. Аўтаматызаваная лазерная рэзка, запраграмаваная на шматразовае выкананне паўторных дзеянняў, памяншае рызыку чалавечай памылкі.

З удзелам лазерных тэхналогій на БЕЛАЗе сёння вырабляецца больш за 1 500 дэталяў для кар’ернай тэхнікі. Лазеры дазваляюць разрэзаць нарыхтоўку з нізкавугляродзістай сталі таўшчынёй да 25 мм, нержавеючай сталі – да 20 мм, алюмініевых сплаваў – да 12 мм. Максімальная вага апрацаванай нарыхтоўкі 2 800 кг.

Дзякуючы выкарыстанню лазернай тэхналогіі кар’ерная тэхніка «БЕЛАЗ» становіцца больш трывалай, даўгавечнай, а значыць, і канкурэнтаздольнай на рынку.

Перадавыя распрацоўкі ў садружнасці з навукай

Узаемадзеянне канструктараў прадпрыемства і беларускіх навукоўцаў ужо не адно дзесяцігоддзе дазваляе БЕЛАЗу ўкараняць у вытворчасць прынцыпова новыя распрацоўкі і ствараць канкурэнтаздольную кар’ерную тэхніку.

У рамках дзеючага пагаднення паміж ААТ «БЕЛАЗ» і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі белазаўскімі спецыялістамі сумесна з навукоўцамі акадэміі выкананы шэраг важных навукова-даследчых і прыкладных работ.

Распрацавана і ўкаранёна ў вытворчасць гама новых сталей, канструкцый і тэхналогій вырабу буйнагабарытных высоканагружаных адлівак апорных канструкцый, зубчастых колаў, іншых дэталяў і агрэгатаў для кар’ернай тэхнікі. Гэта дазволіла стварыць звышмоцную раму велікагрузаў «БЕЛАЗ». Надзейнасць і рэсурс трансмісіі і літазварных рамных канструкцый кар’ерных самазвалаў былі павялічаныя ў разы, што ў сваю чаргу дазволіла павялічыць і міжрамонтны інтэрвал.

БЕЛАЗ не спыняецца на дасягнутым. Наша кампанія мае намер і ў далейшым абнаўляць і мадэрнізаваць асноўныя вытворчыя фонды, а таксама весці тэхнічнае пераўзбраенне і рэалізоўваць інвестыцыйныя мерапрыемствы, каб адпавядаць статусу сусветнага вытворцы кар’ернай тэхнікі.